«Наша місія - малітва за ўвесь свет, якая ёсць любоўю»: інтэрв’ю з сёстрамі-рэдэмптарысткамі

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

17 гадоў таму Папа Ян Павел ІІ устанавіў у Царкве Дзень богапасвячанага жыцця, які адзначаецца штогод у свята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста 2 лютага. Пра жыццё сваёй супольнасці апавядаюць сёстры-рэдэмптарысткі (Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля) з Польшчы.

Сёстры-рэдэмптарысткі з’яўляюцца кантэмпляцыйнай кляўзуровай супольнасцю, вядуць жыццё на адным месцы, у кляштары, молячыся за ўвесь свет. Малітвы яны прысвячаюць таксама за айцоў-рэдэмптарыстаў – мужчынскую галіну кангрэгацыі, каб іх жыццё было падобным да Хрыстовага, а абвяшчэнне Евангелля мела Яго моц. Сутнасць жыцця рэдэмптарыстак – малітва, праца, гасцiннасць, узаемнае служэнне ў прастаце жыцця, падобна да той, якая панавала ў Назарэце.

Кантэмпляцыйная супольнасць – форма богапасвячанага жыцця, заснаваная на поўным адыходзе ад знешняга свету і прабыванні ў адасабленні або ў невялікай па колькасці замкнёнай групе з прысвячэннем сябе выключна малітве і спагляданню Бога. У Беларусі такіх супольнасцяў пакуль няма.

Марыя Чэлеста КрастарозаУ чым асаблівасць супольнасці рэдэмптарыстак? Якая яе харызма?

Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля (мы называемся таксама сёстрамі-рэдэмптарысткамі) – кляўзуровая супольнасць. Яна ўзнікла 13 траўня 1731 г., ва ўрачыстасць Зыходу Святога Духа, у мясцовасці Скаля недалёка ад Неапаля (Італія).

Сам Госпад прадыктаваў нашай заснавальніцы Марыі Челесце Крастарозе (1696-1755) нашую рэгулу і ўліў у яе сэрца дух нашай манаскай сям’і – напамін свету пра вялікую любоў Айца да кожнага чалавека, якая найпаўней аб’явілася ў Ісусе. Таму мы хочам быць Яго жывым напамінам і ўсім сваім жыццём казаць пра любоў Бога.

Чаму сёстры-рэдэмптарысткі носяць чырвоны габіт?

Чырвоны або бардовы габіт мы носім невыпадкова. Гэта колер любові. Кожную раніцу, апранаючы яго, мы прамаўляем такія словы: “Апрані мяне, Пане, у шаты любові...”

Супольнасць сясцёр Найсвяцейшага Адкупіцеля - кляўзуровая. Што гэта азначае?

2014-02-04-red-singleНашая супольнасць – кантэмпляцыйная, кляўзуровая, бо мы жывем у кляштары, молімся ў кляштарнай капліцы (разам з іншымі вернікамі), працуем тут, прымаем людзей, якія прыязджаюць на рэкалекцыі. Але за тэрыторыю кляштара мы не выходзім. Кажучы жартам – мы заўсёды ў доме, каб супольна сведчыць аб тым, што Бог ёсць Любоў. Кляўзура дапамагае нам захаваць адпаведную атмасферу, сустракаць Ісуса на малітве.

Чым займаюцца сёстры ў кляўзуры?

У кляштары, калі казаць пра працу, мы праводзім індывідуальныя рэкалекцыі або дні духоўных сустрэч для жадаючых, шыем габіты для рэдэмптарыстаў. Адна з сясцёр піша прыгожыя іконы, летам мы падоўгу працуем у садзе... Акрамя таго, мы прымаем розных людзей, напрыклад, бедных.

Як выглядае дзень у сясцёр? Як яны адпачываюць?

Пра план дня ў нас пытаюцца найчасцей. Вядома, што кантэмпляцыйнае жыццё ў кляўзуры вельмі адрозніваецца ад звычайнага свецкага жыцця. Малітва, праца, іншыя заняткі вызначаюць наш спосаб жыцця і надаюць яму своеасаблівы характар. Кляўзура, як напісана ў нашых правілах, становіцца “адкрытай брамай” для кожнага, хто жадае перажыць вопыт сустрэчы з Богам.
Як выглядае наш план дня? Ён узгадняе наш стыль жыцця, гарманічна суадносіцца з гадзінамі малітвы і бярэ пад увагу розныя этапы манаскай фармацыі.

2014-02-04-red-kliashtarЗванок на ранішняе абуджэнне гучыць а 5:50. Канечне, большасць сясцёр устае раней, некаторыя займаюцца гіснастыкай у спецыяльна падрыхтаваным для гэтага памяшканні, іншыя выходзяць на прагулку або праводзяць час на асабістай малітве. А 6:20 пачынаецца супольная малітва ў капліцы і адбываецца Эўхарыстыя.

Пасля мы маем час на сняданак, малітву Літургіі Гадзін. Затым сёстры распачынаюць працу. Наймалодшыя – пастулаткі і новічкі – сустракаюцца са сваімі настаўніцамі, пазней прыступаюць да сваіх заняткаў. Апрача хатніх абавязкаў і працы на кухні, большасць сясцёр працуе ў швальні. Мы шыем габіты, альбы, арнаты для нашых братоў рэдэмптарыстаў, часам выконваем іншую працу: перакладаем артыкулы, кнігі. Вясной, улетку і ўвосень займаемся садам. Працы вельмі шмат. Таксама да нас прыязджаюць людзі на рэкалекцыі, і мы дапамагаем ім перажываць гэты час.

А 12:30 званок кліча нас у капліцу на малітву або Гадзіну чытанняў у залежнасці ад дня. Пасля малітвы мы разам абедаем. За выключэннем пятніцы і серады, калі мы абавязаны да маўчання, абед для нас з’яўляецца часам размоваў. Мы гутарым, чытаем карэспандэнцыю, дзелімся адна з адной інтэнцыямі да малітвы, якія нам узгадаліся.

2014-02-04-red-chapelПасля абеду ёсць час на прагулку, на размовы, а 14:15 ідзем у капліцу на чарговую малітву Брэвіярыя, часам прамаўляем разам ружанец. Пасля праводзім час у індывідуальнай малітве, духоўным чытанні, вучэнні. Бывае, у гэты час нас наведваюць асобныя людзі ці групы, з імі мы сустракаемся ў памяшканнях для размовы.

А 17:30 сустракаемся разам у капліцы на Адарацыі і Вячэрні. Пасля супольнай вячэры маем магчымасць паглядзець навіны, бо ўсё, што адбываецца ў свеце і ў краіне, становіцца прадметам нашай малітвы. А 20:30 зноў сустракаемся ў капліцы на апошняй за дзень супольнай малітве – камплеце. Антыфона да Дзевы Марыі, якая спяваецца на заканчэнне, уводзіць нас у атмасферу маўчання, якое трывае да самай раніцы наступнага дня.

У нядзелю план дня падобны да штодзённага, толькі падымаемся мы пазней, супольную малітву пачынаем а 7:20, больш часу прысвячаем на прагулку і сустрэчы. Летам можам гуляць у футбол у нашым прыгожым садзе, вечарам – спяваць ля вогнішча.

Сёстры-рэдэмптарысткі шмат часу прысвячаюць малітве. Чым малітва з’яўляецца для свецкіх людзей і для вас?

2014-02-04-red-prayСапраўды, некалькі гадзін штодзень мы прысвячаем малітве асабістай і супольнай. Мы хочам, каб такая наша малітва станавілася любоўю і сардэчнай памяццю аб патрабуючых, згубленых, прыгнечаных.

Малітва – гэта сустрэча з любячым Богам. Маладым мы можам сказаць, што гэта сустрэча з самым цудоўным Сябрам, які ніколі не падвядзе, а для нас, рэдэмптарыстак, малітва – гэта ўсё: гэта адпачынак, угляданне і прыманне любячага позірку Хрыста, які нас абраў, каб мы малітвай і ахвярай, а найперш любоўю, “лавілі” людзей для Яго, бо Бог прагне шчасця кожнага чалавека. Найбольшае ж шчасце – быць як мага бліжэй да Адкупіцеля.

2014-02-04-red-musicУ кляштары разам з сёстрамі, якія належаць да Рыма-Каталіцкай Царквы, ёсць і сёстры Грэка-Каталіцкай Царквы. Як жа злучаюцца два абрады?

Сёстры грэка-каталічкі ўжо ў хуткім часе будуць мець сваю капліцу ў нашым кляштары. Калі прыязджаюць святары ўсходняга абраду, мы стараемся разам удзельнічаць у Літургіі і спяваем на ўкраінскай мове. Супольнасць, дзе жывуць сёстры двух абрадаў, дае магчымасць вялікага ўзбагачэння, адкрыцця прыгажосці Царквы і пашырэння гарызонтаў. Царква мае два “лёгкія”: усходняе і заходняе.

Сёстры-рэдэмптарысткі вельмі шануюць ікону Маці Божай Нястомнай Дапамогі і маюць асаблівае набажэнства. Чаму менавіта гэтая ікона?

Маці Божая Нястомнай Дапамогі з намі ў Польшчы менавіта ў гэтай іконе. У нашай капліцы адбываюцца Навэнны да яе. Навэнна была ўкладзеная айцом-рэдэмптарыстам. Айцы пашыраюць яе культ, бо атрымалі такую місію яшчэ ў ХІХ ст. ад Папы. Мы з радасцю гэта прымаем, бо мы – у адной сям’і.

У супольнасці ёсць сёстры з рознай працягласцю фармацыі. Што такое пакліканне? І ці можна адкрыць яго нанова падчас манаскай фармацыі?

У нашай супольнасці сапраўды ёсць сёстры, якія знаходзяцца на розных ступенях фармацыі: пасля вечных зарокаў, першых зарокаў, якія рыхтуюцца да навіцыяту, кандыдаткі да пастулату. Пакліканне – гэта вялікі дар, вялікая таямніца, але і місія, у нашым выпадку – місія малітвы за ўвесь свет, малітвы, якая ёсць любоўю.

У фармацыі пакліканне паглыбляецца, адкрываецца яго бясцэнная каштоўнасць, і папросту пакліканы цешыцца гэтым дарам. Пакліканы да святарства ці богапасвячанага жыцця – чалавек радасны, бо яго спаткала вялікае шчасце.

Як можна скантактавацца з сёстрамі-рэдэмптарысткамі?

Нам можна патэлефанаваць, выслаць ліст па электроннай пошце. Можна таксама напісаць звычайны ліст і прыехаць на рэкалекцыі, калі іх тэма датычыць паклікання. Запрашаем!

2014-02-04-red-sisters

Адрас: кляштар рэдэмптарыстак
Vul. Partova, 52
Bialska-Biala, Польшча
тэл. + 48 33/815 06 22
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
www.redemptorystki.pl

Каментары: