Год распаўсюджвання рэдэмптарысцкага паклікання

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

“Ідзіце на ўвесь свет і вясціце Евангелле ўсяму стварэнню” (Мк. 16, 15).

Такімі словамі з Евангелля ўваскрослы Ісус пасылае сваіх вучняў, каб яны працягнулі місію Айца. Ісус і сёння робіць тое ж: кліча мужчын і жанчын і пасылае іх так, як першых вучняў.

Палюбіўшы Хрыста і Божую Маці ўсім сэрцам, св. Альфонс Марыя Лігуоры, пачуўшы заклік Хрыста, абірае жыццё, поўнае евангельскай любові - несці слова тым людзям, якія больш за ўсё маюць у гэтым патрэбу. Першымі ён сустрэў бедных пастухоў у гарах каля Неапалю (Італія). І сёння, дзякуючы адважнаму кроку аднаго чалавека, амаль у 80-ці краінах свету наступнікамі св. Альфонса, аб’яднанымі ў Кангрэгацыю рэдэмптарыстаў, абвяшчаецца слова Адкуплення, гэтае магутнае слова - місія вызвалення чалавека з кайданаў граху.

Патрабуем святых пакліканняў для місіі Хрыста Адкупіцеля. Шукаем адважных верных асобаў, якія б маглі несці Добрую Навіну кожнаму чалавеку, што прагне Слова Адкуплення. Ужо больш за год рэдэмптарысты Львоўскай правінцыі праводзяць сваё служэнне на беларскай зямлі сярод народу, які больш за ўсё пацярпеў ад палітыкі савецкага атэізму, каб прапаведаваць тут «вялікае Адкупленне» і ідэал адзінства Царквы Хрыстовай.

Мы, рэдэмптарысты, сёння хочам дапамагчы маладым людзям зрабіць свой ​​жыццёвы выбар сілай братэрскай любові і клопатам пра бліжняга, а таксама асабістым прыкладам і малітвай за прыняцце гэтага асабістага рашэння. У пэўнай ступені, сённяшні свет стварыў культуру нерашучасці. Ёсць шмат маладых людзей, якія ніколі самі нічога не вырашалі і свой ​​выбар дэлегуюць іншым. Для многіх ​​жыццёвы выбар дыктуе грамадства, для якога поспех складае галоўны аспект. Але рана ці позна такі падыход прыводзіць да расчаравання. Кожны з нас жадае быць упэўненым у сваім выбары.

Кангрэгацыя рэдэмптарыстаў у гэтым годзе хоча запрасіць усіх - як самых рэдэмптарыстаў, так і нашых сяброў, нашых свецкіх вернікаў, моладзевыя супольнасці - да глыбокай прызадумы над рэдэмптарысцкім пакліканнем. Асабліва заахвочваем да малітвы ад 9 сакавіка да 9 лістапад 2014 г. за новыя пакліканні і ласку вытрываласці для ўсіх рэдэмптарыстаў.

«Жывучасць Кангрэгацыі ў выкананні яго апостальскай місіі залежыць ад колькасці і якасці тых, якія хочуць далучыцца да супольнасці рэдэмптарыстаў» (Канстытуцыі 79).

Наш генеральны настаяцель а. Міхаіл Брейл з нагоды абвяшчэння году рэдэмптарысцкага паклікання звяртаецца да нас са сваім лістом:

Мы, рэдэмптарысты - місіянеры: святары, браты, сёстры, людзі свецкія, мужчыны і жанчыны, пасланыя абвяшчаць Добрую Навіну людзям убогім і духоўна занядбаным. Няхай гэты час стане асаблівай нагодай да пераасэнсавання і паглыблення нашай місіянерскай тоеснасці, а таксама магчымасцю запрасіць іншых, каб раздзяліць разам з намі гэта цудоўнае пакліканне.

Год распаўсюджвання місіянерскага рэдэмптарысцкага паклікання мае дзве мэты. Перш за ўсё , ён з'яўляецца запрашэннем, якое накіравана да кожнага місіянера-рэдэмптарыста, які жыве манаскімі зарокамі, да кожнага брата і сястры з манаскіх супольнасцяў, звязаных з рэдэмптарыстамі, кожнага аблята, свецкага місіянера, сябра і да кожнага супрацоўніка ў душпастырстве моладзі. Гэты год з'яўляецца запрашэннем да аднаўлення і паглыблення нашай місіянерскай тоеснасці. Святы Альфонс Лігуоры і нашыя Канстытуцыі нагадваюць нам, што мы пакліканы да «нястомнага развіцця праз пастаяннае ўнутранае абнаўленне...» (Канст. 40) , а «навяртанне сэрца і пастаянная праца над пераменай духу павінны таварышаваць усяму нашаму жыццю» (Канст. 41).

Верым, што праз паглыбленне і абнаўленне нашай місіянерскай ідэнтычнасці маладыя людзі адчуюць пакліканне аддаць жыццё для вялікага Адкуплення і адказваць на гэтае пакліканне як місіянеры-рэдэмптарысты, жывучы манаскімі зарокамі. Таксама не будзе недахопу ў жанчынах і мужчынах, якія адкрыюць у сабе жаданне падзяліць з намі місіянерскае пакліканне як манахіні або свецкія місіянеры і супрацоўнікі, уключаныя ў вялікую рэдэмтпарысцкую сям’ю.

Другой мэтай Году распаўсюджвання місіянерскага рэдэмптарысцкага паклікання з'яўляецца ажыўленне і паглыбленне свядомасці, што мы ўсё абавязаныя да прапановы паклікання і падтрымання тых, якіх Бог кліча ісці той жа дарогай, якой ідзем і мы. «Усе субраты з любові і павагі да свайго паклікання будуць ажыццяўляць апостальства развіцця пакліканняў да Кангрэгацыі» (Канст. 79). Мы павінны штодзень маліцца за новыя пакліканні да Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля і да роднасных з намі кангрэгацый.

Трэба пайсці яшчэ далей. Акрамя аднаўлення місіянерскай ідэнтычнасці і малітвы за пакліканні, мы павінны асабіста запрашаць і заахвочваць маладых людзей, мужчын і жанчын, каб яны раздумалі ў сабе магчымасць прысвячэння свайго жыцця праз манаскія зарокі, ды пайсці за Ісусам Хрыстом Адкупіцелем, служачы духоўна занядбаным людзям. «Сам Дух Хрыста абуджае пакліканні ў Царкве, але, вядома, каб перадаць запрашэнне Хрыста сваім апосталам, карыстаецца сувязямі і адносінамі, якія існуюць паміж людзьмі» (Канст. 80). Сённяшнія сродкі зносін даюць нам шмат магчымасцяў арыгінальна і крэатыўна прапагандаваць наша місіянерскае пакліканне. Мы павінны перамагчы нашую нясмеласць і недавер да асабістага запрашэння.

Ад імя Генеральнай Рады яшчэ раз дзякую Генеральнаму сакратарыяту па справах фармацыі і прашу ўсе правінцыі, віцэ-правінцыі, рэгіёны і місійныя станіцы прапрацаваць канкрэтныя і практычныя спосабы адраджэння, паглыблення і прапановы нашага місіянерскага паклікання. Накіроўваю гэты зварот да кожнай супольнасці і кожнага субрата, як і да ўсёй рэдэмптарысцкай сям’і: мы ўсе пакліканыя да адраджэння, паглыблення нашай місіянерскай ідэнтычнасці як «сведкі і місіянеры Адкуплення». Кожны з нас з'яўляецца пакліканым, каб запрашаць іншых раздзяліць з намі гэтае пакліканне. Не можам перакінуць гэтую адказнасць на плечы «афіцыйных» прамотараў і фарматараў паклікання!

Важным аспектам нашага місіянерскага паклікання з’яўляецца заклік выйсці насустрач патрэбам духоўна занядбаных людзей усюды, дзе яны знаходзяцца. Як Добры Пастыр, місіянеры-рэдэмптарысты рупліва шукаюць тых, што згубіліся, адкінутых на абочыну і тых, хто жыве на перыферыі. Як і для святога Альфонса, так і для нас людзі і сітуацыі патрэбы з'яўляецца выклікам, на які трэба адказваць велікадушна і самааддана. Як нагадаў нам пра гэта Папа Францішак, гэта найнеабходнейшая патрэба свету і Царквы.

Дарагія субраты, дарагія браты і сёстры! Хай Ісус Адкупіцель напоўніць вас радасцю і надзеяй у місіянерскім пакліканні. Нягледзячы на тое, якія выклікі, змаганні ці расчараванні вас атачаюць, памятайце, Вы не адны. Госпад з вамі. Бог шукае вас па імі (пар. 1 Сам. 3), каб мы прапаведавалі год ласкі ад Госпада (Лк. 4, 18).

Няхай Дух Святы кіруе нашымі ініцыятывамі і стараннямі. Аддаем гэты год апецы Марыі, Маці Нястомнай Дапамогі. Яе “так”, сказанае Госпаду, пастаянна звініць у сэрцах усіх місіянераў-рэдэмптарыстаў.

Падтрыманыя малітвай св. Альфонса, усіх святых і блаславёных рэдэмптарыстаў, а таксама ўсіх місіянераў з кожнага стагоддзя, просім, каб яны натхнялі нас пражыць нашае місіянерскае пакліканне і абвяшчаць Евангелле заўсёды нанова. Амін.

Ваш брат у Хрысце, Міхаіл Брэйл, CSsR

З 9 сакавіка да 9 лістапада 2014 года г. Кангрэгацыя рэдэмптарыстаў запрашае ўсіх да малітвы за новыя пакліканні і ласку вытрываласці для ўсіх рэдэмптарыстаў.

Малітва за пакліканне новага рэдэмптарысты і ласку вытрываласці.

Найсвяцейшы Адкупіцель, Ісусе Хрысце, столькі людзей на свеце чакаюць яшчэ на Тваіх місіянераў, каб спазнаць вечную любоў Айца Нябеснага. З замілаваннем прашу аб святых пакліканнях да супольнасці рэдэмптарыстаў. Святы Дух, разпалі сваім святым агнём моладзь да манаскага жыцця. Падаруй радасць абвяшчэння Евангелля, дай ласку вытрываласці тым, хто ўжо ідзе па гэтым шляху прысвячэння. Даруй ім верную ахвярную любоў да Госпада Бога .

Маці Божая Нястомнай Дапамогі, малю цябе горача, каб ты засцерагала рэдэмптарыстаў ад усялякага гора і няшчасця. Стой заўсёды на чале Божых воінаў. Адкрый перад імі шырокія нівы дабравесьця. Усім евангельскім працаўнікам, носьбітам Божай праўды, дапамагай ва ўсіх апостальскіх працах дзеля збаўлення людскіх душаў. Амін.

Кожны дзень: Ойча наш... і 10 Багародзіца Дзева...

Раз у месяц: Ружанец. 

Каментары: