Парафію ўпершыню наведаў біскуп

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Гістарычная падзея адбылася на грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. У межах навэнны падрыхтоўкі да свята Зыходу Святога Духа Святую Літургію ў капліцы душпастырскага цэнтра адслужыў біскуп Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы ўладыка Віргілій Берчэ, ардынарый епархіі Арада Марэ, які гэтымі днямі браў удзел у IV каталіцка-праваслаўным форуме.

Разам з ім саслужылі архімандрыт Сяргей Гаек, апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі, а. Андрэй Абламейка, протапрэсвітар Заходняга дэканату БГКЦ, а. Пахом Кавалёў, студыт, а таксама айцы-рэдэмптарысты Антон Нікалаеў і Зміцер Чарнель.

Гэтая Служба была асаблівай тым, што ўпершыню на парафіі яе ўзначаліў біскуп. Уладыка Віргілій, звяртаючыся да прысутных, адзначыў прыгажосць нашай краіны і яе сталіцы, а таксама выказаў радасць з таго, што мы можам сустракацца разам, адкрыта маліцца і вызнаваць сваю веру. Ён згадаў часы пераследаванняў за веру, якія ў свой час аднолькава закранулі як Румынію, так і Беларусь, і заклікаў цаніць тую магчымасць, якую мы маем сёння.

Пасля набажэнства архімандрыт Сяргей падараваў уладыку ад імя беларускіх грэка-каталікоў габелен беларускай вытворчасці з выявай св. Мікалая, імя якога носіць катэдра біскупа. Яшчэ некаторы час вернікі мелі магчымасць паразмаўляць з уладыкам Вергіліем і папрасіць у яго блаславенне. 

Каментары: