Прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў прывітаў грэка-каталіцкіх святароў Беларусі
12 чэрвеня 2014 г. прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры прыняў на спецыяльнай аўдыенцыі апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.
Аўдыенцыя адбывался ў свята Хрыста Найвышэйшага Святара, якое з 2012 г. у чацвер пасля Пяцідзесятніцы адзначае Каталіцкая Царква. З гэтай нагоды Прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кардынал Леанарда Сандры, якога беларускія грэка-католікі ўзгадваюць падчас Літургіі як свайго архіпастыра, павіншаваў беларускіх грэка-каталіцкіх святароў са святам і выказаў ім удзячнасць за ахвярнае пастырскае служэнне, асабліва ў складаных абставінах.
Свята Хрыста Найвышэйшага Святара было пашырана на ўсю Каталіцкую Царкву Папам Бенядыктам XVI напрыканцы яго пантыфікату. Яно падкрэслівае святасць жыцця духавенства і заахвочвае да малітвы аб пакліканнях да святарства.
Ватыканскі ярарх папрасіў апостальскага візітатара БГКЦ архім. Сяргея Гаека запэўніць беларускіх грэка-каталіцкіх святароў у ягонай духоўнай блізкасці, салідарнасці і падтрымцы.
Архімандрыт Сяргей са свайго боку папрасіў уладыку Леанарда перадаць словы ўдзячнасці Святому Айцу Францішку за духоўнае настаўленне на працягу апошніх тыдняў, у якім Рымскі Архірэй заахвочвае святароў да вернасці Царкве, царкоўнай традыцыі і дысцыпліне, а таксама заклікае да мужнасці, адвагі, духоўнага аптымізму ў абвяшчэнні “радасці Евангелля”.
Таксама апостальскі візітатар беларускіх грэка-каталікоў падзякаваў прэфекту кардыналу Леанарда Сандры і ўсёй Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў, якой падпарадкоўваецца сёння Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, за сталую падтрымку служэння грэка-каталіцкіх святароў у Беларусі.
Каментары: