Блаславёны Каспар Штангасінгер (1871-1899)

- . Апублікавана ў Святыя і блаславёныя

Каспар Штангасінгер нарадзіўся ў 1871 г. у Берхтэсгадэне (Berсhtesgaden) на поўдні Германіі. У сям'і Штангасінгера было шаснаццаць дзяцей, Каспар быў другім. Яго бацька, якога ўсе паважалі, быў фермерам і ўладальнікам каменнага кар'ера.

З дзіцячых гадоў Каспар хацеў і прыкладаў усе намаганні, каб стаць святаром. У дзяцінстве ён маліўся за сваё святарскае пакліканне, часта "прапаведаваў" кароткія пропаведзі сваім братам і сёстрам, а таксама праводзіў працэсіі да каплічкі ў гарах, якая знаходзілася непадалёк ад іх дома.

Калі Каспару споўнілася дзесяць гадоў, ён адправіўся ў Фрайзінг (Freising), каб працягнуць вучобу, якая была для яго вельмі складанай. Таму бацька казаў яму, што калі ён не здасць экзамены, то будзе павінен пакінуць школу. Маючы моцнае жаданне, вялікую пасвяту і адданасць малітве, Каспар пастаянна рабіў поспехі. Падчас канікул вакол яго часта збіралася група хлопцаў, якіх ён заахвочваў весці хрысціянскае жыццё, ствараў з іх супольнасць і быў іх лідэрам. Гэтыя групы кожны дзень хадзілі на Святую Літургію, часта здзяйснялі розныя падарожжы і паломніцтвы. Аднойчы падчас паходу ў горы, рызыкуючы жыццём, Каспар выратаваў жыццё аднаго з хлопцаў.

У 1890 г. Каспар паступіў у дыяцэзіяльную семінарыю Мюнхена і Фрайзінга і пачаў тэалагічныя студыі. Каб лепш пазнаць Божую волю, ён добраахвотна і непахісна прытрымліваўся малітоўнага распарадку. Неўзабаве ён зразумеў, што Бог паклікаў яго да манаскага жыцця; і ў выніку ён вырашыў далучыцца да супольнасці рэдэмптарыстаў, пасля таго, як наведаў адзін з іх манастыроў.

У 1892 г. супраць волі бацькі ўступіў у навіцыят рэдэмптарыстаў у Гарсе, а ў 1895 г. быў пасвячаны ў святары ў Рэгенсбаргу (Regensbarg). Каспар Штангасінгер далучыўся да Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля з вялікім жаданнем быць місіянерам. Аднак ён быў прызначаны соцыем у малой семінарыі ў Дурнбергу каля Халейна для фармавання будучых місіянераў. Каспар, які аддана выконваў свой зарок паслухмянасці і жыў ім, цалкам прысвяціў сябе гэтай працы.

stangassinger21Кожны тыдзень ён праводзіў у класах дваццаць восем гадзін, навучаючы хлопцаў, і заўсёды быў адкрыты для іх. Ён ніколі не адмаўляўся ад нядзельных прац у цэрквах суседніх вёсак, асабліва калі гаворка ішла пра прапаведніцкую дзейнасць. Дзякуючы такому ладу жыцця а. Каспар заўсёды быў адкрыты для ўсіх і разумеў патрэбы кожнага, а асабліва студэнтаў, якія бачылі ў ім хутчэй сябра, чым настаяцеля. У той час правілы фармацыі былі вельмі суровымі, але а. Каспар ніколі не паводзіў сябе рэзка, і калі часам кагосьці зразумеў няправільна, то адразу ж прасіў прабачэння.

Цалкам адданы Ісусу ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі, малады рэдэмптарыст запрашаў хлопцаў і вернікаў, якія прыходзілі да яго, звяртацца ў сваіх патрэбах па дапамогу да Ісуса, схаванага ў Эўхарыстыі. Ён заахвочваў іх ісці да Хрыста і размаўляць з Ім як з таварышам. Яго пропаведзі праходзілі без пагрозаў, без якіх не абходзіліся ў тыя часы, і заўсёды прыгадвалі вернікам неабходнасць весці хрысціянскае жыццё.

У 1899 г. рэдэмптарысты адкрылі новую семінарыю ў Гарсі, і а. Штангасінгера перавялі ў новую навучальную ўстанову ў якасці рэктара. На той момант яму было ўсяго дваццаць восем гадоў. Ён паспеў толькі правесці рэкалекцыі для студэнтаў, бо з-за цяжкай хваробы - перытаніту - 26 верасня завершыўся яго шлях на гэтай зямлі.

У 1930 г. яго цела было перавезена ў царкву ў Гарсі, і тады ж пачаўся працэс беатыфікацыі. 24 красавіка 1988 г. Папа Ян Павел ІІ абвесціў айца Каспара Штангасінгера блаславёным і апекуном выхавацеляў моладзі.

Каментары: