Блаславёны Пётр Дондэрс (1809-1887)
Пётр Дондэрс нарадзіўся 27 кастрычніка 1809 г. у Тылбургу, Нідэрланды, у сям'і Арнольда Дондэрса і Петранелы ван дэн Брэкель. Паколькі пара была беднай, яны не маглі даць сынам добрую адукацыю. Абодва хлопчыкі павінны былі працаваць, каб пракарміць сям'ю. І ўсё ж яшчэ з маладых гадоў Пётр трымаў мару стаць святаром. З дапамогай святароў сваёй парафіі яму, нарэшце, удалося пачаць навучанне ў ніжэйшай семінарыі ва ўзросце дваццаці двух гадоў. Яго высвецілі на святара 5 чэрвеня 1841 года.
Падчас навучання багаслоўю настаяцелі семінарыі накіравалі Пятра Дондэрса на працу ў місіях дацкай калоніі Сурынам. Ён прыбыў у сталіцу калоніі Парамарыба 16 верасня 1842 г. і адразу ж прысвяціў сябе душпастырскай працы, якую не пакінуў да смерці. Сярод яго першых абавязкаў былі рэгулярныя наведванні плантацый, размешчаных уздоўж рэк калоніі. Там ён прапаведаваў і ўдзяляў Святыя Таінствы, галоўным чынам для рабоў. Лісты Пятра Дондэрса поўныя абурэння жорсткім абыходжаннем з афрыканцамі, якія былі вымушаны цяжка працаваць на плантацыях.
У 1856 г. айца Дондэрса накіравалі ў лепразарый у Батавіі, і менавіта гэта месца стала полем яго працы на ўсё астатняе жыццё. У сваёй любові а. Пётр Дондэрс аказваў сваім падапечным не толькі рэлігійныя паслугі, але і асабіста даглядаў за імі, пакуль яму не ўдалося пераканаць мясцовыя ўлады забяспечыць належную дапамогу хворым. Дзякуючы намаганням а. Дондэрса стан хворых на праказу значна палепшыўся. Калі ў 1866 г. прыбылі рэдэмптарысты, каб узначаліць сурынамскую місію, а. Дондэрс і адзін з яго калег-святароў падалі просьбу на ўступленне ў Кангрэгацыю.
Абодва кандыдаты прайшлі навіцыят пад кіраўніцтвам Апостальскага вікарыя біскупа Яна Баптыста Вінкелса і склалі абеты 24 чэрвеня 1867 года. Адразу пасля гэтага а. Дондэрс вярнуўся ў Батавію. Паколькі ў яго цяпер была добрая дапамога ў працы з пракажонымі, а. Дондэрс мог узяцца за справу, пра якую даўно марыў, а менавіта за евангелізацыю сурынамскіх індзейцаў. Ён працягваў гэтую працу, занядбаную раней з-за недахопу людзей, якія маглі б за яе ўзяцца, амаль да канца жыцця. Айцец Дондэрс вывучаў мовы індзейцаў і вучыў іх праўдам хрысціянскай веры, пакуль не страціў сілы і не быў вымушаны пакінуць іншым пачатае.
У 1883 г. Апостальскі вікарый, жадаючы палегчыць а. Дондэрсу цяжар, які ён так доўга і трывала нёс, перавёў яго ў Парамарыба, а пазней да Кароне, але а. Пётр вярнуўся ў Батавію ў 1885 г. і працягваў сваю папярэднюю працу, пакуль слабое здароўе канчаткова не прыкавала яго да ложка ў снежні 1886 г. Айцец Дондэрс змагаўся са смерцю два тыдні, але 14 студзеня 1887 года памёр. Слава пра яго святасць распаўсюдзілася далёка за межы Сурынама і Галандыі.
23 траўня 1982 г. Папа Ян Павел ІІ бэатыфікаваў айца Пятра Дондэрса.
Каментары: