Нядзеля 22-я пасля Пяцідзясятніцы
Грэх біблейскага народа заключаўся ў тым, што людзі забываліся пра тое, што зямля, на якой яны жывуць, і дабрабыт, які яны атрымліваюць ад яе, — дар Божы. Не маючы рэлігійнага бачання свайго жыцця і свайго паходжання ад Бога, чалавек займае негатыўную паставу, якая асуджаецца прарокамі і паказваецца як прычына грэхападзення.
Падобныя адносіны выяўляюцца ў саманадзейнасці, абыходжанні без Бога (сёння мы б сказалі абыякавасці), закрыванні на бедных і тых, хто жыве ў патрэбе, у пагоні за дабрабытам. Закрыты на Бога і бліжняга, чалавек Бібліі (і яе народ), ідзе да падзення, якое азначае страту ўласнай зямлі (або выкараненне з яе праз выгнанне і перасяленне), што прарокі назіраюць яшчэ раней у страце сувязі любові з Богам і адносін братэрства і супольнасці з іншымі.
Прыпавесць пра багацея (апісанага з выкарыстаннем тыповых для ўсходняй раскошы рысаў) і беднага Лазара Ісус прадстаўляе як заахвочванне да поўнага выканання патрабаванняў, якія вынікаюць з факту быцця Яго вучнем. У дадзенай частцы Евангелля паводле Лукі ("падарожжа" Ісуса ў Іерусалім) гэтыя патрабаванні ў асноўным зводзяцца да непрывязанасці да багаццяў і правільнага іх выкарыстання. Дадзеную прыпавесць падае толькі св. Лука, паколькі яна добра ўпісваецца ў кантэкст «падарожжа» Ісуса з Галілеі ў Ерусалім (падарожжа, якое з’яўляецца адлюстраваннем штодзённага жыцця хрысціяніна), падчас якога вучням (і хрысціянам ва ўсе часы) падаюцца ўмовы, неабходныя, каб ісці за Хрыстом.
З аднаго боку, прыпавесць звяртаецца да тэмы, тыповай для чалавека з Бібліі (багаты чалавек паспяховы і блаславёны Богам, а бедны чалавек няшчасны і адкінуты Богам). З іншага боку, Ісус абвяргае гэтую канцэпцыю, прапаноўваючы ў гэтай прыпавесці іншае бачанне жыцця. Гісторыю творыць не багаты чалавек (у прыпавесці ў яго няма нават імя), а бедны чалавек, які спадзяецца выключна на Бога (таму імя беднага чалавека значнае: Лазар азначае «Бог дапамагае»). У Бібліі ўбогія (так званыя анавімы, «абцяжаныя жыццёвымі цяжкасцямі») прадчуваюць бачанне, паказанае Хрыстом у гэтай прыпавесці.
Багаты чалавек асуджаецца не за даброты, якімі валодае, але за сваю закрытасць на Бога і абыякавасць да бліжняга ў патрэбе. Таму прыпавесць вучыць, што чалавек павінен адвярнуцца ад ідала багацця і адкрыцца на патрэбы бліжняга.
Калі чалавек у гэтым свеце навернецца да евангельскага ідэалу супольнасці з іншымі, тады той свет таксама зменіцца. Калі, аднак, чалавек закрыецца, як гэта адбываецца ў прыпавесці, тады сам Бог з'явіцца ў канцы часоў і свету, аднаўляючы справядлівасць і перамяняючы лёс, як паказвае прыняцце Лазара «на ўлонне Абрагама» (месца шчасця - паводле Бібліі - або прывілеяванае месца, месца госця, які мог пакласці галаву на грудзі гаспадара) і падзенне багацея ў "пекла", дзе ён "акунаецца ў мукі" (месца пакарання - паводле Бібліі). Для такога навяртання чалавеку не патрэбны надзвычайныя знакі (напрыклад, уваскрасенне памерлага), а трэба толькі слухаць слова Божае, як сказана ў прыпавесці: «У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюць іх!»
Евангелле паводле Лукі 16, 19-31
Каментары: