Парафіі ў Маладэчне 25 гадоў
Парафіяльнае свята і адначасова 25-годдзе свайго існавання святкавала ў Нядзелю Тамаша 3 красавіка 2016 г. маладэчанская грэка-каталіцкая парафія Хрыста Чалавекалюбцы. Свята сабрала ў парафіяльнай капліцы вернікаў і гасцей з розных гарадоў Беларусі. Святую Літургію служылі а. Андрэй Крот з Гродна, а. Яўген Усошын, протапрэсвітар Цэнтральнага дэканату БГКЦ, і а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст. Службу суправаджаў спевам міжпарафіяльны хор з Менску "Прасфара". Сваё блаславенне з нагоды юбілею парафіі для святароў і вернікаў перадаў прэфект Кангрэгацыі ўсходніх цэркваў кардынал Леанарда Сандры.
Першы грэка-каталіцкі малебен у Маладэчне адбыўся ўлетку 1991 г. ля капліцы на зруйнаваных могілках (першапачаткова ўніяцкіх) на вул. Пушкіна (цяпер Гарадоцкая), які правёў дыякан Андрэй Абламейка. На гэтым жа месцы 25 снежня 1991 г. адбыўся малебен за беларускі народ. Малебен адслужыў а. Ян Матусевіч. Першую Святую Літургію а. Ян Матусевіч адслужыў 9 лютага 1992 г. у канферэнц-залі гарадской бібліятэкі імя Н.К.Крупскай (цяпер М.Багдановіча). У розныя часы вернікі маліліся ў розных памяшканнях: канфэрэнц-залі гарадской бібліятэкі, малой залі музычнай вучэльні (цяпер музычны каледж імя М.К.Агінскага), складскім будынку Маладэчанскага гарвыканкама. З 1998 г. парафія збіраецца ва ўласнай капліцы на вул. Віленскай, 44.
Каментары: