Верны шлях: Компас
Рэкалекцыі для моладзі прайшлі ў Баранавічах 20 красавіка 2013 г. На працягу дня душпастыры грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску айцы-рэдэмптарысты Антоній Нікалаеў і Зміцер Чарнель расказвалі, як знайсці правільны жыццёвы шлях, як шукаць адказы на пытанні ў кнігах Святога Пісання і ў чым сутнасць хрысціянства.
Яшчэ напярэдадні, у пятніцу вечарам, хлопцы і дзяўчаты з Менску, Ліды, Гародні, Ляхавіч і саміх Баранавіч сабраліся ў кляштары Кангрэгацыі місіянерак Святой Сям’і. Першая супольная малітва, уступнае слова а. Антонія, у якім быў акрэслены расклад і тэматычны кірунак рэкалекцый, і знаёмства з удзельнікамі. Так быў пакладзены пачатак, наперадзе чакала духоўная навука.
Праграма рэкалекцый складалася з чатырох лекцыйных заняткаў, працы ў групах і самастойнага чытання кніг Бібліі. Адразу была абвешчана адна з галоўных умоў: падчас рэкалекцый размаўляем толькі па неабходнасці, ніякіх пытанняў, што не датычацца непасрэдна тэмы, а тым больш, ніякіх дарэмных размоў. Прычым не размаўлялі нават тады, калі елі. У час сняданку, абеду і вячэры слухалі духоўныя роздумы Аббы Даратэя ў аўдыёзапісе.
Першае заданне моладзь атрымала адразу пасля Літургіі, з якой пачынаўся дзень. У вольны час трэба было прачытаць цытаты з Бібліі, што датычацца цішы… Заняткі распачынаў а. Зміцер. Расказваючы пра шлях чалавека, параўнаў яго з вектарам, які імкнецца да шчасця, любові і жыцця. Зыходзячы з гэтага, айцец акрэсліў, што хрысціянская дарога – гэта Ісус Хрыстос, і толькі Ён можа прывесці на верны (ад слова “вера”) шлях – шлях шчасця, любові і жыцця.
На наступных лекцыях шмат увагі надавалі чытанню Бібліі. Тут айцец Антоній заўважыў, што для таго, каб прачытаць маленькі ўрывак, не трэба чакаць, напрыклад, вечара ці шукаць вялікі прамежак вольнага часу. Дастаткова знайсці пятнаццаць хвілін і крыху жадання. Яшчэ дзве лекцыі працягнулі тэмы.
Апошняй была праца ў групах. Усіх падзялілі на тры суполкі, дзе расказвалі адзін аднаму, як і калі ўпершыню знайшлі Хрыста, як адчулі сапраўдную веру і як хто захоўвае яе зараз. На гэтым навука скончылася. Заставалася вячэра і час для развітання.
Калі перад ад’ездам дзяліліся ўражаннямі, кожны распавёў пра тое, што засталося ў душы. Нехта звярнуў увагу на ўмову цішы, некага найбольш уразіла, што на рэкалекцыях былі не только грэка-каталікі, але і рыма-каталікі і нават праваслаўныя, некалькі чалавек ухвалілі нядоўгія лекцыі і перапынкі паміж імі. Нават была выказана прапанова зрабіць такія рэкалекцыі рэгулярнымі, на што айцец Антоній усміхнуўся і адказаў: “Гэта толькі пачатак – аднак, здаецца, удалы пачатак”.
Наталля Рабко
Каментары: