Каб мы былі: Дзень памяці св. Еўфрасінні Полацкай
23 траўня ўшаноўваем памяць св. Еўфрасінні Полацкай, якую кожны беларус ведае як асветніцу Беларусі. Такі тытул - асветніца - Еўфрасіння атрымала за сваю дзейнасць на духоўнай і адукацыйнай ніве, засноўваючы манастыры, храмы, пры якіх дзейнічалі школы. Разам з гэтым яна - святая, а святасць чалавека вызнаецца Царквою для таго, каб паставіць жыццё праведніка ў прыклад жывым. Які ж прыклад кожны з нас можа ўзяць з жанчыны, якая жыла амаль тысячу гадоў таму?
Калі паглядзім на жыццё св. Еўфрасінні, то пабачым, што ўся яе дзейнасць была скіраваная на тое, каб развіваць у народзе дзве рэчы - веру і розум. Тысячу гадоў назад беларуская князёўна бачыла важнасць таго, пра што і ў ХХ ст. блаславёны Ян Павел ІІ пісаў: "Вера і розум - гэта нібы два крылы, на якіх дух чалавечы ўзносіцца да сузірання праўды, бо Сам Бог прывіў у людскім сэрцы прагу пазнання праўды, а таксама пазнання Яго Самога, каб людзі, пазнаючы Яго і любячы, змаглі знайсці паўнату праўды пра самых сябе". Менавіта гэтыя крылы, якія ўздымуць люд да святла і праўды, намагалася даць нашаму народу св. Еўфрасіння.
Што ж мы бачым сёння? Які народ сёння жыве на землях святой асветніцы? На гэтым тыдні былі апублікаваныя вынікі сацыялагічнага апытання, да якой веры адносяць сябе дарослыя грамадзяне Беларусі. Паводле вынікаў, сярод беларускага насельніцтва 68% праваслаўных і 14% каталікоў. Пры гэтым у пасхальных службах у гэтым годзе па дадзеных МУС узялі ўдзел 475 тыс. праваслаўных і 45 тыс. каталікоў. Гэта яскравая ілюстрацыя веры беларусаў. У працэнтных суадносінах галоўнае хрысціянскае свята святкавалі ў гэтым годзе каля 11% праваслаўных і 25% каталікоў. Зразумела, што хрысціянства ў паўсядзённым жыцці яшчэ менш.
Стан веры абавязкова пакідае след і на жыцці грамадства. Так, у мінулым годзе на 1 тыс. шлюбаў прыходзілася каля 500 разводаў, што сведчыць пра глыбокі крызіс сямейных адносін. Пагаршаецца стан з каштоўнаснай арыентацыяй грамадства. Так, паводле апытання берасцейскіх студэнтаў, праведзеным у 2010 г., рэлігію, мастацтва, нацыянальную культуру лічаць важнымі ў сваім жыцці толькі каля паловы апытаных, у той час як сэкс і кар'еру лічаць важнымі па 85% апытаных, грошы і камфорт па 95%.
Як бачым, Беларусь патрабуе працягу місіі св. Еўфрасінні, місіі пашырэння духоўнасці і асветніцтва. І сёння гэтая місія ляжыць на хрысціянах, людзях, якія пазналі Бога і намагаюцца жыць з Богам.
Мінуласць ляжыць надмагільным вянком
над тымі, што ў смерці застылі,
ззяе святлом праз цемру вякоў
святое імя Еўфрасінні.
А доля ж была ў крывіцкіх жанчын
з кудзеляю, з прасніцай злучана.
Яна ж за асветніцкі слаўны пачын
дастойна прайшла ў неўміручасць.
Ад Лады, вяснянай красуні ў бары,
ад моцы Ярылы, Стварога
знайшла сярод вечна паганскай пары
да мудрасці новай дарогу.
Яшчэ над Дзвіною старыя багі
ў сялібах людзьмі карагодзяць,
яе ўжо прывабіў свет праўды другі,
што неслі Кірыл і Мяфодзій.
У пушчы-лясы адыходзяць далей
продкаў сівых абаронцы.
Пісьменніцтва,
новая вера мацней
за ўсіх багоў грому і сонца.
Народ яшчэ даўніх мілуе багоў.
3 камення ім стодзівы ставіць.
Абараняць іх у пушчах гатоў
і моц над людзьмі славіць.
Дарэмна. Другія стаяць алтары.
У Прадыславы мэта –
святыні, царквы, манастыры –
тагачасныя ўніверсітэты.
Вяртаецца ў край з навукай, з дабром,
братэрства і мір у ім сее.
Валодае смела князёўна пяром,
людзьмі завалодаць сумее.
Асветніца наша, духоўны ўладар,
паганства і цемру скарыла,
каб Полацк узвысіць.
На шлях яе мар
з Полацка выйшаў Скарына.
У сэрцы чарніцы палае агонь.
Падзеі тых дзён па парадку
збівае на славу народа свайго
і летапіс піша нашчадкам.
У келлі маленькай, у ціхім Сяльцы,
не марыць пра ўзнагароду.
Не толькі царкве яе веліч душы –
жывому народу і роду.
Адчула: народ не ўчора паўстаў.
Не заўтра канец нам прысудзяць.
3 мінуўшчыны слаўнай падзеяў і спраў
мы ёсць.
Мы былі.
Мы будзем!
Ларыса Геніюш
Каментары: