Памятаць пра свае вытокі

Сустрэча з доктарам гістарычных навук, дэканам гуманітарнага факультэта Украінскага Каталіцкага Універсітэта прафесарам Ігарам Скачылясам адбылася ў сераду, 4 чэрвеня 2014 г. на грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Сп. Ігар з'яўляецца членам Рабочай даследчай групы аўстрыйскага фонду Pro Oriente па вывучэнні Берасцейскай уніі, Украінскага Багаслоўскага навуковага таварыства, Украінскага геральдычнага таварыства, Украінскай камісіі параўнальнай царкоўнай гісторыі. З 2012 г. з'яўляецца кіраўніком вучэбна-даследчай праграмы «Кіеўскае хрысціянства і ўніяцкая традыцыя», аўтар і распрацоўшчык канцэптаў «кіеўскае хрысціянства», «другое культурна-рэлігійнае адраджэнне», «Slavia Unita».

Насілу да веры ніхто не прыводзіць

Пра супольнасці беларускіх грэка-каталікоў і асаблівасці душпастырскай працы сярод іх — размова ў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандра Амяльчэні з айцом Антонам Нікалаевым CSsR, душпастырам грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску.

— Ойча, грэка-католікі ў Менску для многіх – з'ява новая або незнаёмая. Чым яны займаюцца, у чым вашая місія, спецыфіка і асаблівасці душпастырства?

— Слава Іусу Хрысту! Так, для многіх грэка-каталікі здаюцца чымсьці новым, але на самой справе мы прысутныя ў Беларусі і ў прыватнасці ў Менску больш за 20 гадоў. Грэка-каталікі адрадзіліся на пачатку 1990-х і сёння іх становіцца ўсё больш і больш. Хоць іх колькасць павялічваецца, можа, не вельмі хуткімі тэмпамі, але Царква развіваецца, выхоўваюцца новыя святары, адчыняюцца новыя парафіі або абслугоўваюцца тыя, якія ўжо існуюць. Яны ёсць ва ўсіх абласных цэнтрах і найбольшых раённых, такіх як Орша, Баранавічы, Івацэвічы, Ліда, Пінск.

Год блаславёнага Мікалая Чарнецкага

У гэтым годзе адзначаем 55 гадоў з дня смерці і 130 гадоў з дня нараджэння ўладыкі Мікалая Чарнецкага, апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Валыні і Палесся (1931 - 1945), украінскага рэдэмптарыста, жыццё якога было звязанае непасрэдна з беларускімі землямі і нашай Царквой. 

Грэка-каталіцкія парафіі Менска разам адсвяткавалі свята Хрыстовага Уваскрасення

Свята Уваскрасення Хрыстовага – Пасха – найвялікшае свята ў царкоўным календары. Яно поўнае светлай радасці з прычыны перамогі Жыцця над смерцю. Радасны і ўрачысты настрой узмацняецца прывітальным воклічам "Хрыстос уваскрос!" і адказам на яго "Сапраўды ўваскрос!", што паўтараецца шматкротна на ўсіх богаслужэннях і па-за імі сярод вернікаў.  

Па традыцыі чатыры менскія грэка-каталіцкія парафіі, а таксама людзі з іншых мясцін, сабраліся разам у духоўным сэрцы Беларусі - Чырвоным касцёле, - каб супольна адсвяткаваць гэтае "Свята над святамі і ўрачыстасць над урачыстасцямі". Ачоліў святкаванне апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Разам з ім саслужылі святары менскіх парафій Яўген Усошын, дэкан Цэнтральнага дэканату БГКЦ, а таксама Аляксандр Шыбека і Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст.

“Шлях крыжа ў моцы Духа”: велікапосныя рэкалекцыі

Велікапосныя рэкалекцыі “Шлях крыжа ў моцы Духа” прайшлі 11-12 красавіка 2014 г. на парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. Правёў іх а. Андрэй Абламейка, протапрэсвітар Заходнага дэканату БГКЦ імя блаславёнага Мікалая Чарнецкага і душпастыр івацэвіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай. Падчас рэкалекцый вернікі мелі магчымасць пакланіцца і памаліцца перад рэліквіяй Крыжа Гасподняга.

Эфект пазашлюбнага сэксу для маці і дзіцяці: сустрэча на Снежным

На 100 родаў у Беларусі паводле афцыйнай статыстыкі прыходзіцца 75 абортаў. Такія сумныя дадзеныя, а таксама шмат іншай цікавай і карыснай інфармацыі атрымалі ўдзельнікі сустрэчы моладзі, якая адбылася ў суботу, 29 сакавіка, на парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. Сустрэчу правяла лекарка-акушэрка з Рэчыцы Таццяна Леанідаўна Рабко, спецыяліст з 27-гадовым стажам.

Год распаўсюджвання рэдэмптарысцкага паклікання

“Ідзіце на ўвесь свет і вясціце Евангелле ўсяму стварэнню” (Мк. 16, 15).

Такімі словамі з Евангелля ўваскрослы Ісус пасылае сваіх вучняў, каб яны працягнулі місію Айца. Ісус і сёння робіць тое ж: кліча мужчын і жанчын і пасылае іх так, як першых вучняў.

Палюбіўшы Хрыста і Божую Маці ўсім сэрцам, св. Альфонс Марыя Лігуоры, пачуўшы заклік Хрыста, абірае жыццё, поўнае евангельскай любові - несці слова тым людзям, якія больш за ўсё маюць у гэтым патрэбу. Першымі ён сустрэў бедных пастухоў у гарах каля Неапалю (Італія). І сёння, дзякуючы адважнаму кроку аднаго чалавека, амаль у 80-ці краінах свету наступнікамі св. Альфонса, аб’яднанымі ў Кангрэгацыю рэдэмптарыстаў, абвяшчаецца слова Адкуплення, гэтае магутнае слова - місія вызвалення чалавека з кайданаў граху.

Патрабуем святых пакліканняў для місіі Хрыста Адкупіцеля. Шукаем адважных верных асобаў, якія б маглі несці Добрую Навіну кожнаму чалавеку, што прагне Слова Адкуплення. Ужо больш за год рэдэмптарысты Львоўскай правінцыі праводзяць сваё служэнне на беларскай зямлі сярод народу, які больш за ўсё пацярпеў ад палітыкі савецкага атэізму, каб прапаведаваць тут «вялікае Адкупленне» і ідэал адзінства Царквы Хрыстовай.

«Наша місія - малітва за ўвесь свет, якая ёсць любоўю»: інтэрв’ю з сёстрамі-рэдэмптарысткамі

17 гадоў таму Папа Ян Павел ІІ устанавіў у Царкве Дзень богапасвячанага жыцця, які адзначаецца штогод у свята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста 2 лютага. Пра жыццё сваёй супольнасці апавядаюць сёстры-рэдэмптарысткі (Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля) з Польшчы.

Сёстры-рэдэмптарысткі з’яўляюцца кантэмпляцыйнай кляўзуровай супольнасцю, вядуць жыццё на адным месцы, у кляштары, молячыся за ўвесь свет. Малітвы яны прысвячаюць таксама за айцоў-рэдэмптарыстаў – мужчынскую галіну кангрэгацыі, каб іх жыццё было падобным да Хрыстовага, а абвяшчэнне Евангелля мела Яго моц. Сутнасць жыцця рэдэмптарыстак – малітва, праца, гасцiннасць, узаемнае служэнне ў прастаце жыцця, падобна да той, якая панавала ў Назарэце.

Кантэмпляцыйная супольнасць – форма богапасвячанага жыцця, заснаваная на поўным адыходзе ад знешняга свету і прабыванні ў адасабленні або ў невялікай па колькасці замкнёнай групе з прысвячэннем сябе выключна малітве і спагляданню Бога. У Беларусі такіх супольнасцяў пакуль няма.

Сустрэча богапасвячаных асобаў

Сустрэча богапасвячаных асобаў Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі з нагоды Дня богапасвячанага жыцця, які адзначаецца штогод у свята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста, адбылася у менскай парафіі св. Яна Хрысціцеля 4 лютага 2014 г. Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву на сустрэчы прадстаўлялі апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Львоўскія рэкалекцыі

Рэкалекцыі для хлопцаў, якія адбыліся з 6 па 8 снежня 2013 года ў манастыры св. Альфонса Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў у Львове (Украіна), наведалі таксама хлопцы з Беларусі з менскай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Адзін з іх, Алег, дзеліцца сваімі ўражаннямі ад паездкі.

У рэкалекцыях удзельнічалі хлопцы з розных месцаў Украіны. З Беларусі нас было двох: я і Рыгор. Прыбыўшы на месца, прыйшлося трохі паблукаць па Львову, дзе “навігатар” Грыша правёў мяне некалькі разоў каля адных і тых жа мясцін са словамі: “Ды мы ідзем усё добра, я тут быў, не хвалюйся”:) У манастыры нас прынялі вельмі добра, мы адразу далучыліся да размовы з братамі і малітвы.